
Пачаткі
Гісторыя Ліды сягае ў глыб стагоддзяў, але дата заснавання горада да апошняга часу выклікала спрэчкі ў даследчыкаў, якія падавалі супярэчлівыя звесткі пра час узнікнення Ліды: ад 1180 да 1380 г. Аднак сёння можна з адноснай упэўненасцю казаць пра існаванне паселішча на тэрыторыі Ліды ўжо ў XII ст., рэшткі якога былі знойдзены ў 1930-х гг. Цікавым і важным для нас з'яўляецца тое, што паселішча гэта было славянскім, а не балцкім, як пра тое пісаў Тэадор Нарбут, пры тым, што датыроўка археолагаў адносна добра супадае з датай заснавання нашага горада, якую Нарбут дае як 1180 г.
На працягу 1323—1328 г. Гедымін пабудаваў каля паселішча Ліда, заснаванага паміж Х-ХІІ ст., магутны мураваны замак з байніцамі і чатырохпавярховай вежай. З 30-х г. XIV ст. Ліда пачынае фігураваць у кантэксце розных падзей, на старонках летапісаў і хронік Вялікага Княства Літоўскага і горад упершыню згадваецца ў адзін год са сталіцай дзяржавы Вільняй. Верагодна, большасцю насельнікаў Ліды былі язычнікі.
Каля магутнага замка рос горад, і ў ім паступова распаўсюджвалася хрысціянства. У першай палове XIV ст. горад, у першую чаргу дзякуючы замку, з'яўляўся адным з рэгіянальных ваенна-адміністрацыйных цэнтраў ВКЛ. Ліда стала цэнтрам намесніцтва, вядомага з 1382 г., а потым і павета ў складзе Віленскага ваяводства. Пасля Крэўскай уніі 1385 г. Ліда аказалася важным, бліжэйшым да Вільні населеным пунктам, каля якога ляжаў шлях ад сталіцы ВКЛ да польскай сталіцы Кракава. Такое геаграфічнае размяшчэнне Ліды, разам з наяўнасцю добра ўмацаванага і да таго ж досыць камфартабельнага замкавага комплексу еўрапейскага тыпу, зрабіла горад месцам прыпынку Ягайлы ў яго частых паездках. Тут адбываліся важныя для абедзвюх дзяржаў сустрэчы, перамовы, урачыстасці. Усё гэта вабіла ў Ліду і хрысціянскіх місіянераў з захаду.
Пачатак каталіцтва ў Лідзе адносіцца да часоў княжання Альгерда. Адзін з літоўскіх вяльможаў, Гаштольд, прыняў рыма-каталіцкую веру, узяў пад сваё заступніцтва манахаў ордэна св. Францішка і пабудаваў для іх манастыр ў Вільні. У 1366 г. тры францішканы прыбылі ў ВКЛ з Польшчы, каб распаўсюджваць тут хрысціянскую веру і пасяліліся ў Лідзе. Праз тры гады місіянераў забілі паганцы. Але ў Ліду прыйшлі новыя браты-францішканы. Над магілай сваіх папярэднікаў яны пабудавалі капліцу, пры якой і пасяліліся. Лідскім старастам тады быў хрысціянін Даўгерд. У 1376 г. колькасць місіянераў павялічылася да 9 манахаў. Крыніцы паведамлялі, што яны прывезлі з сабой з Візны абраз Маці Божай. Але вядома, што ў Візне ніколі не было францішканаў, а ў той час не было нават касцёла і каталіцкая парафія там з'явілася толькі ў 1390 г.
Новы этап хрысціянскай гісторыі Лідчыны пачынаецца з заключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі. Ёсць звесткі, што ў горадзе адбылася выдача дзяржаўных грамат, звязаных з хрышчэннем Літвы. У 1387 г. была створана Віленская рымска-каталіцкая епархія. Ва ўласнасць епархіі вялікі князь перадаў воласць Дуброўня каля Ліды.
У 1387 г. Ягайла заклаў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ. Ён перадаў яму вёску, якая зараз называецца Плябанцы, і даход з нейкай іншай воласці. Так сама Ягайла надаў зямлю «на 6 сох», 3 пляцы, лугі і корчмы, дзесяціну з усёй каралеўскай маёмасці ў Лідскім павеце і 6 рублёў. Гэты фундуш быў пацверджаны 7 ліпеня 1616 г. каралём Жыгімонтам ІІІ. Касцёл знаходзіўся на падзамчы і згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. Яго асвяціў віленскі біскуп Андрэй, які зноў адкрыў пры касцёле францішканскую місію, бо ранейшыя місіянеры гэтага ордэна былі хутчэй за ўсё забітыя або выгнаныя падчас нападу крыжакоў на Ліду ў 1394 г.
І гэты касцёл згарэў у 1406 г. У 1414 г. ён быў узноўлены як парафіяльны і высвечаны пад назвай «Найсвяцейшай Дзевы Марыі Панны, Усіх Святых».
Фрагмент прывілею касцёлу, дадзены Ягайлам, бярог сярод іншых дакументаў Лідскі пробашч. У дадатку да пятага тома «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» Т. Нарбут змясціў тэкст гэтага прывілею, а таксама спіс пробашчаў Лідскага касцёла, які прыводзіцца ў дадатках.
У Метрыцы ВКЛ Лідскі касцёл згадваецца ў 1516 г. з-за таго, што намеснік Лідскага дзяржаўцы Юрыя Ільініча не аддаў арыштаванага слугу гетмана Канстанціна Астрожскага, калі «тотъ нятецъ самъ прибегъ на цвинтаръ и въ костелъ Лидски на кони звязанъ, и ноги подъ конь окованы».
Пад час спусташальнай вайны 1654—1663 гг. горад быў цалкам знішчаны, і таму пасля вайны быў пабудаваны новы, па маіх падліках, ужо 4-ты ці 5-ты касцёл (бо не вядома, ці прастаяў касцёл 1414 г. 240 гадоў, ці да 1654 г. у горадзе быў пабудаваны ўжо наступны, таксама драўляны касцёл).
Цікавай з'яўляецца інфармацыя Тэадора Нарбута, пра тое, што ксёндз Міхаіл Зянкевіч, які быў лідскім пробашчам у 1747 г., а потым стаў віленскім біскупам, перанёс касцёл «на іншае месца з падзамча, дзе зараз пляц перад Домам Скарбовай касы». Тэадор Нарбут, верагодна, ведаў і размаўляў з асобамі, якія сваімі вачамі бачылі той стары драўляны касцёл, і таму няма прычын сумнявацца ў гэтай інфармацыі. Растлумачу, што месца на якім стаяў гэты касцёл, знаходзіцца каля сучаснага помніка Гедыміну. Зразумела, што да моманту пабудовы мураванага фарнага касцёла, які стаіць і сёння, ужо больш за 300 гадоў на гэтым пляцы вакол яго існавалі могілкі, аднак. Аднак вядома, што падчас шматлікіх земляных работ на поўнач ад замка, дзе зараз стаіць помнік Гедыміну, не знаходзіліся чалавечыя парэшткі. Адзінае тлумачэнне гэтай загадкі — касцельны пляц з другой паловы XVII ст. быў вельмі вялікі і нейкі час уключаў ў сабе падзамча разам з сучасным касцельным пляцам (на якім шмат чалавечых парэшткаў), але пахаванні нябожчыкаў заўсёды рабіліся прыкладна на тэрыторыі сучаснага пляца фарнага касцёла. Гэта значыць, што ўсе першыя драўляныя касцёлы стаялі недзе недалёка ад сучаснага фарнага касцёла і толькі драўляны касцёл, пабудаваны каля 1670 г., стаяў на падзамчы.
Як раз пра гэта і можа сведчыць кавалак тэксту (верагодна ад 1670 г.) лідскага Магдэбургскага прывілею:
«… касцёл Лідскі ад найяснейшых папярэднікаў нашых быў фундаваны і нададзены, але ніякага пляца для шпіталя не мае, але нашы лідскія гараджане маюць месца недалёка ад касцёла на падзамкавым рынку, на якім можа быць пабудаваны шпіталь».
Як бачым, пабудаваны тут на падзамчы быў не толькі шпіталь, але і касцёл.
У тэксце візітацыі касцёлаў Віленскай дыяцэзіі ў 1674 г. біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім, пра Лідскі касцёл зроблены наступны запіс:
«Касцёл новазбудаваны, драўляны, пабудаваны коштам мясцовага дэкана, ксяндза Ігната Рэберта, асвечаны пад час знаходжання візітатара».
З дрэва гэтага касцёла потым была пабудавана ўніяцкая царква Уваскрасення Гасподняга на Зарэччы.
Рэктар лідскіх піяраў у першай палове XIX ст. кс. Язафат Вайшвіла пісаў:
«Стары фарны драўляны касцёл… стаяў каля замка на пачатку галоўнай вуліцы. Тыя, хто сваімі вачамі бачыў стары драўляны касцёл, казалі, што ён падобны на сучасны і таксама быў павернуты да галоўнай вуліцы».
Адсюль даведваемся, што стары, драўляны лідскі касцёл быў пабудаваны ў стылі барока, меў дзве вежы і стаяў з боку замка. Каштоўная інфармацыя.
Пры касцёле меліся капліцы: у Чэхаўцах, Перапечыцы, на гарадскіх могілках (св. Барбары, пабудавана ў 1805 г.,), у Востраве (на свае сродкі фундаваў Тадэвуш Нарбут, ліквідавана ў 1866 г.) і філіяльны касцёл у Кір'янаўцах (фундаваны ў 1602 г. Марцінам Курчам, ліквідаваны ў 1866 г.).
Як філіяльны, у 1460 г. Ганнай Давойнай быў фундаваны касцёл у Крупаве:
«Крупа, 25 мая 1460. Анна, удава па Івашку Давойнавічу з выразнай волі мужа, надае касцёлу Найсвяцейшая Панны Марыі ў Крупе частку вёскі Ястрэмблі ў Пінскім павеце, якая належала яе мужу, па згодзе яго брата Алехны Давойнавіча і сваіх дачок Хелены і Юльяны і міма супраціву ўпартага сына Пятра. Запісвае плябаніі касцёла сажалку з млынам, і луг у вёсцы Альхова, і два камяні воску ў вёсцы Саганевічы для святла каля магілы свайго мужа».
На дакуменце маецца надпіс, зроблены 2 жніўня 1636 г. пробашчам лідскім кс. Адамам Ліпніцкім, які ад імя віленскага кс.- біскупа дадаў гэты фундуш да актаў касцёла.
Узгадаю тут вядомых мне біскупаў, якія нарадзіліся ці служылі ксяндзамі на Лідчыне.
Першы вядомы мне біскуп з Лідчыны — гэта луцкі біскуп Вацлаў з роду Клаўсуцяў. Ён быў братам Міхны і Юндзілы, вядомы нам таксама як віленскі дэкан, якога 10 верасня 1459 г. папа Пій ІІ высвяціў у луцкія біскупы. Пасаду біскупа займаў да сваёй смерці, толькі тры гады. Разам з братамі быў адным з фундатараў касцёла ў Ваверцы. У 1444 г. нейкі Venceslaus de Wawerka Lithwanus аплаціў вучобу ў Кракаўскім універсітэце і ў 1451 г. атрымаў ступень бакалаўра. Верагодна, гэта і быў будучы луцкі біскуп. Вацлаў быў сынам Якуба Рачкі Табутавіча, які валодаў значанай часткай радавых двароў Клаўсуцяў, а менавіта Дзітвой і Ваверкай на Лідчыне, а таксама Крамяніцай і Струбніцай на Ваўкавышчыне.
Пра другога біскупа піша Тэадор Нарбут, гэта лідскі пробашч з 1559 па 1580 г. Ян Андрэевіч, які займаў пасаду біскупа луцкага і берасцейскага.
Трэці біскуп, датычны Лідчыны — біскуп Міхал Зянкевіч, які стаў віленскім біскупам у 1747 г. Менавіта па яго ініцыятыве пачалося будаўніцтва сучаснага мураванага лідскага фарнага касцёла. Тэадор Нарбут паведамляў пра яго як пра лідскага пробашча ў 1747—1760 гг.
25 мая 2024 года ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылося біскупскае пасвячэнне біскупа-каад'ютара Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя, які з 2003 па 2024 г. з'яўляўся пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.
19 ліпеня 2024 года, Яго Святасць Папа Францішак прызначыў ксяндза Андрэя Зноску, да гэтага часу пробашча парафіі Божай Міласэрнасці ў горадзе Лідзе Гарадзенскай дыяцэзіі, дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, надаючы яму тытулярны пасад Скардоны.
Мураваны фарны касцёл
Фарны касцёл, фара (ад нямецкага Pfarrei — парафія, прыход) — назва, якую некалі давалі больш значным касцёлам. Найчасцей фараю зваўся самы стары касцёл горада альбо галоўны касцёл у дэканаце. У кафедральных гарадах фарным мог звацца другі па значнасці касцёл пасля кафедры. У наш час назву фарнага працягваюць па традыцыі насіць касцёлы, якія атрымалі яго ў мінулыя стагоддзі.
У другой палове XVIII ст. у Лідзе, магчыма, па праекце віленскага архітэктара Глаўбіца, з цэглы ў стылі барока быў пабудаваны фарны касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які дзейнічае да нашага часу.
Будаўніцтва новага, мураванага, касцёла пачалося ў 1765 г. і было скончана ў 1770 г. стараннямі Віленскага суфрагана (вікарнага біскупа) Тамаша Зянкевіча, які выканаў запавет свайго дзядзькі, біскупа Міхала Зянкевіча († 23.01.1762). Міхал Зянкевіч, перад тым, як у 1747 г. стаць Віленскім біскупам, быў Лідскім пробашчам. У сваім тастаманце, напісаным у 1761 г. ён рэкамендаваў прапанаваць прыцягнуць да будаўніцтва Іагана Крыштафа Глаўбіца або «каго-небудзь яшчэ, добрага». Біскуп прызначыў для будаўніцтва 50000 тынфаў, і працэнты ад 7500 чырвоных злотых, якія былі размешчаны на фальварку Канюшаны. Тамаш Зянковіч хутка павялічыў гэтую суму на 4900 злотых. Касцёл пачалі будаваць недалёка ад старой святыні. Новы касцёл быў асвечаны ў 1768 ці 1780 г.
Аўтарства барочнага касцёла з'яўляецца спрэчным пытаннем. Імя Іагана Крыштафа Глаўбіца часта згадваецца ў якасці меркаванага архітэктара касцёла, не толькі ў навукова-папулярных даследаваннях, але таксама і ў навуковых артыкулах і энцыклапедыях. Імя гэтага найвыдатнейшага архітэктара віленскага барока згадваецца ў тастаманце біскупа Міхала Зянковіча ад 1761 г., у якім выканаўцам тастаманту рэкамендуецца пабудаваць новы касцёл у Лідзе.
Біскуп Зянковіч памёр 23 студзеня 1762 г., а будаўніцтва мураванага парафіяльнага касцёла ў Лідзе пачалося толькі ў 1765 г. Праз два гады, 30 сакавіка 1767 г., Глаўбіц памёр. У гэтым выпадку стылістычны аналіз формаў фарнага касцёла не можа быць эфектыўным інструментам, арыгінальнай засталася толькі канструкцыя прэзбітэрыя 1765—1770 гадоў, астатнія ж часткі — фасад і бакавыя фасады сталі вынікам перабудоў з апошніх гадоў XVIII ст. Першапачаткова фасад меў дзве трохпавярховыя вежы, ніжнія часткі якіх захаваліся да нашых дзён. Варта таксама адзначыць, што ўжо праз сем гадоў пасля яго завяршэння будаўніцтва касцёл знаходзіўся ў дрэнным стане, а дэфекты пагражалі сур'ёзным пашкоджаннем або нават абвальваннем скляпення з-за выкарыстання дрэнных матэрыялаў і несумленнай працы муляроў. Праўда, і дзве іншыя пабудовы Глаўбіца абваліліся (вежы віленскіх катэдры і ратушы), але гэта, хутчэй за ўсё, адбылося не з-за адсутнасці прафесіяналізму ці халатнасці. Глаўбіц ніколі не прысутнічаў на будаўніцтве касцёла ў Лідзе, але калі б ён зрабіў праект, дык, безумоўна, хаця б зрэдку кантраляваў ход будаўнічых работ, вядома, толькі да сваёй смерці ў 1767 г.
Варта таксама адзначыць, што біскуп Зянковіч у сваім тастаманце толькі рэкамендаваў наняць Глаўбіца, і гэта патрабаванне выканаўцы не былі абавязаны выконваць. Нягледзячы на тое, што сума, выдзеленая біскупам (50 000 тынфаў і 7 500 чырвоных злотых) была даволі значнай, магчымасці падрадчыкаў і ў першую чаргу віленскага суфрагана Томаша Зянковіча, былі, безумоўна, далёкімі ад тых, якія меў Міхал Зянковіч. І таму шанцы наняць Глаўбіца былі малымі.
Свой агульны выгляд касцёл захаваў да нашага часу, аднак вядома, што першапачаткова ён меў дзве трохузроўневыя вежы.
У візітацыі лідскага фарнага касцёла ўжо ў 1777 г. напісана:
«На сваім месцы касцёл быў нядаўна пабудаваны пры дазволе ЯВ ягамосці кс.-біскупа віленскага Міхала Зянкевіча, намаганнямі і руплівасцю ЯВ ягамосці кс.-біскупа арыяпалітанскага Тамаша Зянкевіча, пад тытулам ранейшага касцёла, г. з. Адшукання св. Крыжа, закладзены ў 1765 г., завершаны ў 1770 г., са скляпеннем на чатырох слупах, увесь накрыты дахоўкай, прыходзіць у заняпад з-за тонкіх балак, на якіх мацуюцца кроквы, а таксама з-за хваёвых тонкіх і часаных лагаў па ўсім даху касцёла, таму цячэ вада з-за няроўнасці памераў лагаў, дрэнна адлітая і пасаджаная дахоўка ў некаторых месцах абарваная ветрам, а жалабы паміж вежамі над хорамі, якія былі зроблены без бляхі, згнілі, з-за чаго тонкія бэлькі праз падцёкі вады таксама згнілі, на іх абапіраюцца 5 крокваў, і яны зрушыліся са сваіх месцаў, яны трымаюцца толькі на краі муроў і неўзабаве, калі не паклапаціцца, існуе небяспека абвальвання даху ўнутр касцёла на скляпенне, якое таксама моцна працякае і вада прасочваецца ў касцёл. Вежы ў гэтым касцёле трох'ярусныя цагляныя, пакрытыя бляхай, але месцамі вецер так выдраў бляху, што ёй няма на чым трымацца, таму не толькі атынкоўка карніза, але і сама сцяна пачынае завальвацца, а з фацыяты не толькі тынкоўка адвальваецца, але і яна ўся руйнуецца з-за нетрываласці муроў з-за працякання вады. На гэтых вежах два пазалочаныя крыжы, на фасадзе таксама адзін пазалочаны. Над вялікім алтаром узвышаецца вежачка з жалезным крыжам, пакрытая ліставым металам».
З-за памылак у праектаванні і будаўніцтве, а таксама з-за «надта дрэннага матэрыялу» ўжо ў 1777 г. касцёл патрабаваў рамонту, што запісана і ў візітацыі 1782 г. Першымі пачалі разбурацца трохузроўневыя вежы, з якіх зваліліся бляха, тынк і нават фрагменты гзымсаў і сцен; да таго ж ветрам павыбівала шыбы, і ўнутр пачала прасочвацца вада, што павялічыла небяспеку абрушэння вежаў. Рамонт праводзіўся ў 1782—1790 гг. пробашчам касцёла Казімірам Нарбутам, для чаго першапачаткова было выдзелена 16 000 тынфаў, а потым яшчэ 1675 чырвоных злотых. Цалкам касцёл быў адрамантаваны да 1792 г. Верагодна, тэхнічную экспертызу праводзілі архітэктары, прызначаныя біскупам Масальскім. У выніку рамонту былі разабраны дзве вежы, зроблены новы шчыт і, верагодна, цалкам перароблены фасад касцёла.
Па другой версіі, вежы канчаткова былі прыбраны пры рамонце 1826 г., але на акварэлі Юзафа Пешкі, намаляванай на пачатку XIX ст. вежаў на фарным касцёле ўжо няма. Таму, падобна, памыляўся рэктар Вайшвіла бо, верагодна, менавіта з яго падачы 1826 г. лічыцца годам разборкі вежаў, ён пісаў:
«[Касцёл] раней меў дзве вежы, але яны былі зняты, бо пашкодзіліся пры пажары 1826 г. Вежы і ўвесь касцельны дах згарэлі, і новы дах быў зроблены стараннем пробашча Вінцэнта Лінкіна пры дапамозе парафіянаў. Скляпенне ў прэзбітэрыюме ці над вялікім алтаром было пафарбавана, што цалкам сказіла інтэр'ер. Толькі чатыры абразы пэндзля Смуглевіча здабыла гэтая святыня, а менавіта св. Яна Непамуцэна над дзвярыма сакрыстыі, св. Тадэвуша Апостала над дзвярыма скарбца, св. Барбары і св. Тэклі ў алтары».
Ніжэй, я яшчэ вярнуся да абразоў Смуглевіча.
На адлегласці 108 крокаў ад фарнага касцёла, далей на поўнач па вуліцы Віленскай (сучаснай Савецкай) стаялі былы кляштар і касцёл кармелітаў. Кляштар згарэў у 1941 г. і быў разабраны на пачатку 1950-х гг. Пра касцёл, які праз сакрыстыю злучаўся з кляштаром, вядома, што ён меў форму крыжа даўжынёй 44,5 і шырынёй 17,5 локця, пакрыты дахоўкай. У 1908 г. касцёл быў разабраны, хоць касцельныя муры ўсё яшчэ стаялі да ўзроўню даху. Цэгла выкастоўвалася для будаўніцтва казармаў Паўночнага вайсковага гарадка.
З Бібліятэкі імя Асалінскіх (г. Уроцлаў) пры дапамозе майго сына, я атрымаў сканы рукапісу рэктара лідскай піярскай павятовай вучэльні Язафата Вайшвілы, напісаныя ў першай палове XIX ст. з малюнкам лідскага замка на першай вокладцы. Гэты малюнак, верагодна, намаляваў нехта з выкладчыкаў ці вучняў піярскай школы.
Я не адразу звярнуў увагу, што справа ад замка (1) намаляваны касцёл з кляштаром кармелітаў (2) і, яшчэ трошкі правей — фарны касцёл з вежамі! (3) (гл. малюнак). Бачна, што кармеліцкі касцёл меў фасад, павернуты на ўсход і надбудаваны купал з сігнатуркай над вялікім алтаром. Трэба сказаць, што фарны касцёл для мастака знаходзіцца ў такой праекцыі, што дзве вежы бачны, як адна.
Але галоўнае — фарны касцёл намаляваны з трохузроўневымі вежамі. Гэты малюнак адзіны, на якім можна убачыць лідскія касцёлы ў іх першапачатковым выглядзе. Верагоднае датаванне малюнка з вокладкі — да 1790 г.
На гэтую выяву лідскага фарнага касцёла з дзвюма вежамі да апошняга часу не звярталі ўвагі, і ў кнізе «Шпацыры па старой Лідзе» (2020 г.) я нават напісаў, што такой выявы, верагодна, наогул не існуе. Таму аўтэнтычны малюнак з двухвежавым лідскім фарным касцёлам, касцёлам кармелітаў і замкам — важная, новая крыніца інфармацыі па гісторыі горада Ліды.
Рэктар кс. Вайшвіла паведамляў пра фарны касцёл:
«Мураваны шпіталь (пры фарным касцёле) знаходзіўся ў самым рагу мура, які атачаў парафіяльны касцёл, з боку замка ад вуліцы Віленскай. Але ў пажары 1826 г. згарэў дах шпіталя і ўсё драўлянае, што ў ім было. Цэглу тады разабралі на падмуркі іншых дамоў, і таму цалкам знік нават след таго прытулку для ўбогіх.
У другім рагу таго ж мура, пры той жа самай вуліцы Віленскай стаіць мураваны невялікі шпіталік, які мае толькі адзін пакой. У гэтым прытулку жывуць касцельныя і ўбогія дзяды на ўтрыманні багалюбівых парафіян. Невядома, калі гэты прытулак з'явіўся і хто яго будаваў».
Цікавай з'яўляецца інфармацыя рэктара піяраў пра тое, што ў першай палове XIX ст. у вёсцы Перапечыца, якая належала фарнаму касцёлу, працавала цагельня.
У новы касцёл былі перанесеныя некаторыя рэчы са старога: абразы, купель, увянчаная драўлянай статуяй св. Яна Хрысціцеля і арган, другі арган быў перанесены сюды з Крупаўскага касцёла.
Новы касцёл меў сем алтароў. Тры з іх (у тым ліку і галоўны) мураваныя, размалёваныя пад мармур, бочныя алтары — у блакітна-ружовыя тоны.
У галоўным алтары знаходзіўся абраз Маці Божай Ружанцовай. Пра Божыя ласкі, выказаныя праз гэты абраз, сведчылі запісы у «Кнізе цудаў». Таксама ў алтары былі чатыры драўняныя фігуры: злева св. Пётр і св. Станіслаў, справа св. Павел і св. Казімір, а над імі — чатыры стуковыя (штучны мармур) анёлкі.
Другія два мураваных алтары былі пад вызваннямі Яна Непамуцкага і Бічавання.
Алтар св. Яна Непамуцкага ў верхняй частцы меў маляваны на сцяне абраз Найсвяцейшай Панны Ружанцовай, алтар Бічавання там жа — абраз св. апостала Тамаша. Усе абразы ў бакавых алтарах, за выключэннем абраза Бічавання, былі новыя.
Два алтары, якія знаходзяцца пры ўнутрыкасцельных слупах мелі мураваныя прастолы з абразамі св. Антонія і св. Юзафа, якія былі перанесеныя са старога касцёла.
Іншыя два алтары пры бочных сценах пад вызваннем св. Барбары і св. Івона.
Сцены і столь прэзбітэрыюма пакрывалі малюнкі. Падлога выкладзена каменнымі плітамі, але пад лаўкамі і па баках была выкладзена цэглай.
Унутранае абсталяванне касцёла з большага захавалася да нашых дзён.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.